ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Створаны ў 1955 у Мінску як Бел. рэсп. т-р юнага гледача з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Л.Мазалеўскай) і акцёраў інш. т-раў, у т. л. даваен. Тэатра юнага гледача БССР. У 1970—92 — імя 50-годдзя камсамола Беларусі. З 1991 наз. Т.ю.г.Б., з 2000 зноў Бел. рэсп. т-р юнага гледача. Адкрыўся 8.4.1956 урыўкамі са спектакляў «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага, казкі «Горад майстроў» Т.​Габэ, сучаснай драмы «Каханне Ані Бярозка» У.​Пісталенкі. У станаўленні т-ра вял. роля належала Мазалеўскай і дырэктару У.Стэльмаху, якія вызначылі яго пастановачныя і пед. прынцыпы. Важнае значэнне надавалася стварэнню нац. рэпертуару. У 1957—58 пастаўлены п’есы бел. аўтараў «Аркадзь Жыгалкін» Я.​Пасава, «Юныя мсціўцы» А.​Гутковіча і В.​Хазанскага, «Не верце цішыні» І.​Шамякіна, «За лясамі дрымучымі» А.​Вольскага і П.​Макаля і інш. Асаблівае месца належала п’есам І.​Козела «Папараць-кветка» (1957), якая стала этапнай у творчасці т-ра, і «Над хвалямі Серабранкі» (1961). За гады існавання т-р паставіў больш за 50 бел. п’ес, з іх больш за 40 — новых. Папулярнасцю карысталіся казкі «Прыгоды Чыпаліна» з музыкай Я.​Глебава (1957), «Казачны домік» М.​Стэгліка (1960), «Сярэбраная табакерка» паводле З.​Бядулі (1964), «Прыгоды Бураціна» паводле А.​Талстога (1966), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1968), «Малыш і Карлсан, які жыве на даху» паводле А.​Ліндгрэн (1969) і п’есы маральна-этычнай праблематыкі «У пошуках радасці» В.​Розава (1958), «Учора ў Касаткіне» А.​Зака і І.​Кузняцова (1959), «Тры салаўі, дом 17» Д.​Дабрычаніна (1959); класічныя творы: «Не ўсё кату масленіца» (1957) і «Свае людзі — паладзім» (1964) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1960), «Клоп» У.​Маякоўскага (1962; упершыню пастаўлена на бел. сцэне), п’есы У.​Шэкспіра, П.​Кальдэрона. У спектаклях для падлеткаў пераважала рамант.-прыгодніцкая і рэв.-гераічная тэма: «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч і «Чырвоныя чарцяняты» П.​Бляхіна, А.​Палявога і А.​Талбузіна (1961), «Бітва ў космасе» М.​Гамолкі (1963) і інш., а таксама спектаклі, у якіх узнімаліся вострыя праблемы школьнага жыцця: «Усё гэта не так проста...» паводле Л.​Ісаравай (1962), «Пузыркі» А.​Хмеліка і «Яны і мы» Н.​Далінінай (1965). Гіст. асобам прысвечаны спектаклі «Марат Казей» (1964) і «Юнацтва рыцара» (1970) В.​Зуба, «Чырвоны губернатар» (1967) і «Палёт» (1969) У.​Мехава, «Зорка Венера» М.​Алтухова і Б.​Бур’яна (1967). Спектаклі 1970-х г. набывалі ўсё больш яркую і выразную форму: «Зялёная птушка» паводле К.​Гоцы, «З любімымі не расставайцеся» А.​Валодзіна, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле М.​Чарота і Я.​Купалы, «Я спяшаюся за летам» В.​Пальчынскайтэ, «Чалавек, падобны на сябе самога» (Міхаіл Святлоў) З.​Папернага, «Бэмбі» паводле Ф.​Зальтэна, «Сіні снег» Я.​Шабана, «На ўсіх адна бяда» П.​Макаля, «Міколка-паравоз» паводле М.​Лынькова, «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа, «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Чатыры кроплі» Розава, «Дванаццатая ноч» Шэкспіра, «Драма праз лірыку» Г Палонскага і «Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна. У 1980-я г. вызначальнымі былі спектаклі «Як гартавалася сталь» паводле інсцэніроўкі А.​Дударава, «Асоль» паводле А.​Грына, «Падонкі» Я.​Главацкага, «Калыска чатырох чараўніц» У.​Караткевіча, «Марутка» С.​Алексіевіч. Спектаклі 1980—90-х г. — пераважна муз.-драм. паказы. відовішчныя, дынамічныя, насычаныя музыкай, спевамі, сучаснымі мелодыямі і рытмамі: «Кот у ботах» паводле Ш.​Перо, «Петэр Мунк і яго каменнае сэрца» паводле В.​Гаўфа, «Анчутка» Б.​Мятальнікава, «Ноч на Івана Купалу» Ю Куліка і інш. Т-р даў сцэн жыццё паэме «Песня пра Зубра» Міколы Гусоўскага (1994). Сярод лепшых пастановак для старэйшых школьнікаў — «Банкрут» («Свае людзі — паладзім») А.​Астроўскага, «Стваральніца цуду» У.​Гібсана. Творчым пошукам пазначаны пастаноўкі «Пінская шляхта» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча (1995), «Антыгона» (1998) і «Шляхі цароў» (2002) паводле Ж.​Ануя і Сафокла. Выразная форма, пластыка, музычнасць, сцэнаграфія ў спалучэнні з дакладна выяўленым глыбокім маральным зместам у лепшых спектаклях: «Кошчын дом» (гуляем у оперу) С.​Маршака з музыкай Р.​Уласюка, муз. трагікамедыя «Шчаслівыя жабракі» паводле Гоцы, драма «Маленькі лорд Фаўнтлерой» паводле Ф.​Бёрнет, трагічная легенда «Палачанка» Дударава, казкі «Сястра мая Русалачка» Л.​Разумоўскай, «Дарога на Віфлеем» С.​Кавалёва і «Рыцар Сонца» П.​Васючэнкі. З інш. пастановак: «Ніхто не паверыць» паводле Я.​Экхольма, «Палёт у краіну мрояў» М.​Варфаламеева, «Парася, якое спявае» С.​Казлова, «Сярэбраная табакерка» М Матукоўскага. У 2-й пал. 1970—пач. 1990-х г. у т-ры дзейнічала т.зв. малая сцэна (спектаклі «Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна, «Эдзіт Піяф» В.​Легентава, «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» паводле Ж.​Амаду і інш.). У 1991 створаны тэатр-ліцэй, на спектаклях-уроках якога школьнікі спасцігалі асновы тэатр. мастацтва, знаёміліся з жыццём і творчасцю дзеячаў нац. культуры. У 1994 на базе т-ра адбылася міжнар. навук.-практычная канферэнцыя «Псіхалагічная рэабілітацыя дзяцей сродкамі тэатральнага мастацтва» і трыенале «Тэатр — дзецям». У 2-й пал. 1990-х г. наладжваліся «Дні сям’і ў тэатры», праводзіўся конкурс «Любім тэатр з дзяцінства». У 2002 мюзіклам «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» А.​Еранькова адкрылася эксперыментальная сцэна.

У фарміраванні маст. аблічча т-ра адметную ролю адыгралі акцёры У.​Говар-Бандарэнка, П.​Дубашынскі, В.​Лебедзеў, Р.​Маленчанка, В.​Окалаў, А.​Ротар, Л.​Цімафеева; рэжысёры В.​Пацехін, Ю.​Міроненка; мастак В.​Кляшчэўскі; кампазітар Я.​Глебаў; драматург А.​Вольскі, Макаль, Дудараў. Значны ўклад зрабілі акцёры Э.​Аўчыннікава, Л.​Барташэвіч, А.​Бяляеў, Э.​Зайцава, К.​Каралёва. Ю.​Кухаронак, У.​Мартынаў, С.​Мацюкевіч, К.​Мізгайла, Л.​Міхайлаў, Ю.​Палосіна, З.​Паўлоўская, К.​Пельтцар, Б.​Піскун, Г.​Раеўская, К.​Сянкевіч, Ю.​Фляйто і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры В.​Тарасаў, А.​Кашкер, І.​Дабралюбаў, Э.​Гарачы, М.​Трухан, С.​Журавель, В.​Філатаў, мастакі Д.​Сычоў, Б.​Казакоў, В.​Тарасаў. Гал. рэжысёры: Мазалеўская (1956—61, 1963—64), Б.​Дакутовіч (1962—63), У.​Маланкін (1965—67), Б.​Ганага (1967—71), М.​Шыйко (1972—74), Р.​Баравік (1974—78). І.​Папоў (1978—79), В.​Анісенка (1979—80), В.​Рыжы (1980—83), У.​Караткевіч (1983—88), В.​Глубокава (1989—90), М.​Абрамаў (1991—95), з 1995 — А.​Андросік; гал. мастакі: А.​Марыкс (1956), І.​Пешкур (з 1962), Ю.​Тур (з 1970), У.​Гардзеенка (1973—78), Л.​Герлаван (1983—91), з 1992 — Л.​Рулёва. У складзе трупы (2002): нар. арт. Беларусі М.​Пятроў; засл. артысты Беларусі Б.​Барысёнак, Л.​Горцава, А.​Жук, В.​Кавалерава, Л.​Улашчанка; акцёры Р.​Астрадзінава. В.​Бранкевіч, Н.​Гарбаценка, Ж.​Друцкая. К.​Доўнар, Т.​Жданава, Ю.​Жыгамонт, В.​Казлоў, А.​Каламіец, Л.​Катковіч, А.​Курловіч, Г.​Кухальская, М.​Лявонцьеў, М.​Лявончык, С.​Ніканчык, А.​Палазкоў, А.​Паплаўская, А.​Сідорчык, І.​Ушакевіч, А.​Шабад, І.​Шрубейка, Н.​Якаўлева і інш.; рэжысёр Н.​Башава.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (арх. А.​П.​Воінаў, Л.​Усава) у працэсе рэканструкцыі відовішчнай групы памяшканняў Палаца піянераў і школьнікаў, з якім утварае адзіную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Мае сім. планіровачную схему: на гал. восі знаходзяцца вестыбюль, глядзельная зала на 455 месцаў (з партэрам, амфітэатрам, 2 бакавымі ложамі), кулуары. Гал. ўваход вылучаны парадным 6-калонным порцікам карынфскага ордэра. У б. ёлачнай зале абсталявана эксперым. сцэна на 96 месцаў.

Літ.:

Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Мн., 1957;

Стэльмах У. Тэатр і час: Зап. дырэктара тэатра. Мн., 1973;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя. Мн., 1985;

Тэатру юнага гледача Рэспублікі Беларусь — 40 гадоў // Тэатр. творчасць. 1996. № 2;

Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Мн., 2000.

Дз.​У.​Стэльмах.

Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Горад майстроў» Т.​Габэ.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Клоп» У.​Маякоўскага.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Рыцар Сонца» П.​Васючэнкі.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Бэмбі» паводле Ф.​Зальтэна.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Шчаслівыя жабракі» К.​Гоцы.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Маленькі лорд Фаўнтлерой» паводле Ф.​Бёрнет.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Палачанка» А.​Дударава.
Тэатр юнага гледача Беларусі. Сцэна са спектакля «Папараць-кветка» І.​Козела. 1957.

т. 16, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)